Творчество прихожан Міхась Южык. Калядныя зоркі (калядная казка)

Калядныя зоркі (калядная казка)

Міхась Южык

1

Толік ляжаў на канапе і пахмурна сачыў за мітуснёй ценяў і святла на столі, якую стваралі настольная лямпа, вулічныя ліхтары і фары машын. Іх рухавыя прамяні, папераменна ўспыхвалі і знікалі ў цемры, дасягалі акон другога паверха старога трохпавярховага дома. Да Новага года заставалася два дні. Начны снегапад асвяжыў горад. Днём прымарозіла. Настрой людзей быў прыўзняты. Гэта адчувалася па гуках, пахах, а таксама іншых прыкметах. Яны луналі ў намёрзлым паветры мікрараёна, іскрыліся, адбіваліся ад сумётаў і акон суседніх дамоў і траплялі ўсё ж у змрочны пакоік, дзе ляжаў Толік, ляжаў і летуценна глядзеў у столь.

На кухні смажылася ежа, даносіліся яе рэзкія пахі, пастукванне нажа і бразганне каструль. Там была мама. Бацька нядаўна вярнуўся з работы і шамацеў газетамі ў суседнім пакоі. Дзед толькі што выйшаў на прагулку.

Хто гэты сумны трэццякласнік, які адзінока ўслухоўваецца ў жыццё за вокнамі і сценамі? Аб чым задумаўся ў доўгі снежаньскі вечар у пустым маленькім пакоі?

Толік сёння пачынаў ачуньваць пасля хваробы — ангіны, якая душыла яго цэлы тыдзень. Бранхіты, ангіны, грыпы і іншыя прастудныя захворванні былі для хлопчыка звыклай справай, а з восені да вясны — нават нармальным станам. Калі ён ішоў у школу пасля летніх канікулаў, то ведаў дакладна, што па меншай меры палову вучэбнага часу будзе хварэць, што будуць яго цягаць па невыносна абрыдлых калідорах паліклінікі. Будуць выслухваць, выстукваць, прапісваць брыдкія мікстуры і таблеткі, вадзіць на ўсялякія праграванні і інгаляцыі. Ад аднаго насычанага медыкаментамі паветра паліклінікі, дакладней нават думак аб ім, хлопчыка пачынала нудзіць, а па целе, ад цемені да пятак, прабягалі нервовыя дрыжыкі агіды. Але, што рабіць, Толік быў кволым дзіцём. Гэта ён уцяміў з дзяцінства, уцяміў як аксіёму — непахісную ісціну. І хлопчык хварэў, хварэў разнастайна і падоўгу, адставаў у вучобе і фізічным развіцці. Быў бледным брыдкім качанём сярод румяных равеснікаў.

У тыя рэдкія хвіліны сутачнага часу, калі Толік па неабходнасці знаходзіўся на свежым паветры, яго моцна захутвалі ў світэры, шапкі, футры, заўсёды дзяўблі, каб адварочваўся ад ветру, дыхаў носам. У той час, калі ўсе дзеці гарэзнічалі ў снезе, скакалі цераз лужыны, Толік у суправаджэнні бацькоў ці дзеда рабіў кароткія вылазкі ў школу, паліклініку і магазін. Вонкавы свет здаваўся яму варожай стыхіяй, якая несла хваробы, штуршкі і крыўды. Па дарозе ў школу, ён горбіўся, уціскаў галаву ў плечы, дрыжаў ад сырасці і амаль не глядзеў па баках. У школе быў млявы. Не вучыўся, а адбываў тэрмін. І там ён баяўся. Баяўся строгай настаўніцы, насмешлівых позіркаў дзяўчынак, грубых жартаў хлапчукоў. Толік быў баязлівец. Ён ведаў гэта і прымаў без сарамлівасці, як тое, што сцяна ў яго пакоі шэрая, а неба за акном блакітнае. Не тое каб ён быў гультаяваты альбо не меў аніякіх здольнасцей. Але з-за шматлікіх хвароб, якія вытанчана катавалі гэта маленькае цела, з-за заўсёднага страху захварэць ці быць пакрыўджаным, думка і рэакцыя яго працавалі надта марудна. Нават у параўнанні з зацятымі двоечнікамі і хуліганамі школы, якія толькі дзякуючы кемлівасці і жыццяздольнасці заўсёды маглі выкруціцца са складанага становішча. У дзённіку Толіка пераважалі “тройкі”, сярод якіх зрэдку знаходзілі сабе месца “чацвёркі”.

На школьных перапынках хлопчыку было асабліва цяжка. Ён проста не ведаў, чым заняцца. Калідоры былі вузкімі, а па ім гойсалі ашалелыя здаравякі-равеснікі, спрабавалі далучыць да дзікіх сваіх гульняў. У класе Толік таксама не мог заставацца: там шушукаліся дзяўчынкі і, здавалася, неадрыўна сачылі за ім і пацяшаліся. Позіркі адной з іх былі асабліва балючымі для ломкага самалюбства хлопчыка. Да яе ён быў неабыякавы. Дрыжыкі і спякота ахоплівалі пры кожным выпадковым сутыкненні з дзяўчынкай, давалі пажытак для роздумаў і фантазій на ўвесь дзень. Сам Толік, вядома, з ёй не загаворваў. Як і з усімі астатнімі. З-за няўважлівасці, з-за схільнасці мроіць на ўроках ён надта часта трапляў у непрыемныя сітуацыі, атрымліваў незаслужаныя “двойкі”, а на перапынках мог зазявацца і апынуцца на падлозе, звалены натоўпам хлапцоў, што гойсалі ўздоўж калідора.

Вы мяркуеце: хлопчык быў самотны, хілы і пакутаваў ад гэтага? Не зусім так. Да школы ён адносіўся як да неабходнай малапрыемнай павіннасці. Толік старанна адседжваў прызначаны час, а з апошнім званком выскокваў на вуліцу, апускаў вочы долу і спяшаўся дамоў. Толькі там ён жыў па-сапраўднаму. Хоць і ў нерэальным свеце, які сам і стварыў, — свеце мрой, фантазій і вобразаў, кніг і карцінак, пластмасавых фігурак і канструктараў. Гэты свет быў непрыкметным, але адначасова велізарным і неабсяжным. Хлопчык шпарка праглытваў абед, рабіў так-сяк зададзеныя ўрокі і накідваўся на кнігі. Чытаў ён прагна, запоем, да болю ў вачах прадзіраўся ў хітраспляценні сюжэта, убіраў ўсё без астатку, жвавым ўяўленнем дабудоўваў незавершанае аўтарам, уяўляў сябе на месцы герояў — дужым і мужным. Ён перасякаў абшары стэпаў, блукаў па дрымучых лясах, вызваляў прыгажунь з лап ліхадзеяў, паміраў у лютым баі і ўваскрасаў ізноў; быў і піратам, і каралём, і жабраком; быў нават геніем, якому падуладны ўсе таямніцы быцця. Ні вяртанне бацькоў з работы, ні іх гамонка на кухні, ні тэлевізар за сцяной, ні дзед-скрыпун, ні радыёпрыёмнік, які стары увесь час пераладжваў, не маглі прызямліць Толіка, пераключыць узрушанага фантазёра ў рэжым рэальнага часу.

Хлопчык перапыняў чытанне толькі тады, калі маці клікала на вячэру. Есці ён, вядома, не хацеў, бо вызначаўся адсутнасцю апетыту, асабліва раніцай і ўвечары, і пераважна на мясную ежу. Але, каб не засмучаць бацькоў, з‘ядаў усе без астатку амаль механічна, не адчуваючы смаку, бо ў думках яшчэ лунаў ў кніжных нетрах. Не адчуваў ён і прыліву сіл пасля ежы (нягледзячы на запэўнення старэйшых, што павінна быць менавіта так), а толькі цяжар у жываце і тлусты камяк у горле. Але і на гэта Толік не звяртаў асаблівай ўвагі, бо новыя формы ўжо нараджаліся і апраналіся ў цудоўныя адзенні ў галаве маленькага дзівака. Чытаў ён асабліва шмат у дні хваробы — тады ўжо зусім адрываўся ад рэальнага свету. Падсвядомасць не азмрочвалася неабходнасцю прачынацца ўранні, адбываць апастылы прыгон у школе. Ужо калі магчыма было чым сур‘ёзна пакараць хлопчыка, дык гэта — пазбавіць яго кніг. Не чытаў Толік толькі ў час вялікай гарачкі, моцнага кашлю і ноччу. Нават на ўроках ён у думках знаходзіўся з героямі кнігі, што чакала яго дома, планаваў разнастайныя варыянты развіцця сюжэта.

На стале, паліцах сакрэтніка, падлозе і падаконніку ў чароўным бязладдзі грувасціліся алавяныя і пластмасавыя салдацікі і індзейцы, пластылінавыя фігуркі, клееныя самалёты і караблі, запалкавыя хаткі, папкі з малюнкамі, пэндзлікі і фарбы, разнастайных колераў і памераў алоўкі. Усё гэта — сябры Толіка, яго захапленні і клопаты, яго жыццё. Балазе, бацькі, як бесталковаму троечніку, моцна не дакучалі хлапчуку школьнымі праблемамі, рабілі яму заўвагі толькі за бязладдзе ў пакоі і пыл на мадэлях і цацках.

Калі надыходзіла ноч, патухаў і сціхаў тэлевізар у пакоі бацькоў, змаўкалі астатнія гукі чалавечага побыту ў доме, чуўся храп дзеда, — надыходзілі самыя непрыемныя хвіліны сутак для хлопчыка. Сон не прыходзіў, час рухаўся млява і нясцерпна марудна. Дзённыя страхі абвастраліся, мільгацелі ценямі і разводамі на столі. Кожны выпадковы скрып ці шоргат узмацняўся і аддаваўся болем ва ўсёй маленькай істоце. Толік нацягваў коўдру на вушы, пацеў, задыхаўся. Зрэдку дзед мог пераканаць бацькоў, каб праветрылі пакой перад сном, — хлопчыка баяліся прастудзіць. На вуліцы ён не гуляў амаль ніколі, таму што альбо адыходзіў ад чарговай хваробы (пакуль нельга), альбо захворваў ізноў (нельга законна). Адсюль бяссонне, начныя жахі і млявасць. Толік па волі лёсу трапіў у палон нездароў‘я, не ведаў ці не шукаў выйсця з-за гэтых кратаў. Ратаваўся толькі чытаннем, замкнёным, хаця і цудоўным пакаёвым светам.

2

— Толька, ты жывы яшчэ?

Гэта дзед расчыніў дзверы пакоя. Прынёс з сабой ледзьве ўлоўны пах свята, задзірлівага марозцу і тытунёвага дыму. Ён адарваў Толіка ад роздумаў. А разважаў хлопчык сёння сур‘ёзна і шмат, калі ляжаў на канапе, ўтаропіўшыся ў столь. Не чыталася яму, не майстравалася, не хацелася наогул нічога. Аб чым? — гэта пасля.

Дзед, пануры буркун і свавольнік, добры сябар і, практычна, адзіны суразмоўнік Толіка. Лепшая кніга ў самы зручны момант, білеты ў кіно на цікавейшы фільм, прагулкі па парку, рэдкія, але незвычайныя расказы бывалага чалавека — усё гэта дзядуля. Раней — даўно-даўно — яны з бабуляй жылі ў вёсцы. Толік ўспамінае гэта як ружовы сон, як жыццё іншае. Яго адвозілі туды на ўсё лета, ды яшчэ — на рэшткі вясны і пачатак восені. Бабуля, румяная і мажная, выпускала яго раніцой на заліты сонцам двор. Бронзавыя рукі яе і твар; кроплі жывога срэбра, якія хлопчык збіваў нагамі з травы; разнастайныя пахі вялікай гаспадаркі; гвалт і варушэнні жыўнасці... А ў хаце скварчыць яечня на сале, прыемна ссе пад лыжачкай. Дзед, вусаты весялун, заўзяты курыльшчык, не па гадах гарэзлівы арганізатар іх хлапчуковых забавак. Мроіцца: гусіны ставок пад крывым тынам, рыжы плёс заўсёды халоднай лясной рэчкі, суседскія пацаны і ён — такі ж — басаногі, у палатнянай кашулі, гойсае без стомы да цемры... І яшчэ сонца, многа, вельмі многа сонца... І смех. Так, ён смяяўся. Гэта было вельмі даўно, было калісьці... Але ўсё ж — было!

Бабуля памерла знянацку, як паміраюць здаровыя людзі. Хату прадалі. Дзед пераехаў у горад, такі непрытульны і цесны для вольнага чалавека, і замаўчаў. Размаўляў, у асноўным, толькі з унукам. А больш курыў і абходзіў вуліцы і скверы мікрараёна. З ім часта гуляў і Толік, вядома, калі не хварэў. Гэта ўсё ж былі прастора і чыстае паветра. Хаця і поруч з кульгавым старым.

У суботу дзядуля часта выпраўляўся да сябра-франтавіка ў госці. Падчас браў з сабой унука. Прыходзілася ехаць у супрацьлеглы бок горада. Хлопчыку падабалася доўгая дарога. Ён прыціскаўся тварам да шыбін трамвая, затым — аўтобуса. Глядзеў у свет. За вокнамі бурчэлі “грузавікі” і гудзелі “легкавушкі”, мільгалі дарожныя слупы, вітрыны, кіёскі, весела пераміргваліся святлафоры, мітусіліся людзі. Асабліва прыгожым і палохаюча незразумелым быў горад зімой: занесеныя снегам дахі дамоў, штыкетнікі і агароджы прымалі дзіўныя абрысы; святло фараў або нізкія сонечныя промні разбіваліся аб іх, шматразова адлюстроўваліся і кідаліся ў розныя бакі, выводзілі чароўныя карункі. Скрытае станавілася яўным, а відавочнае хавалася. Дом дзедава сябра — 12-павярховы гмах, вялікая гаманлівая сям`я стваралі рэзкі кантраст з штодзённым Толікавым існаваннем. Але хлопчык любіў свой пакоік і дбайна аберагаў гэты свет, аберагаў нават ад радні, мо акрамя дзеда. У гасцях жа адчуваў сябе непрыкаяна, адыходзіў як мага далей ад святочных сталоў, зашываўся ў куты пакояў і кухань. Маруднай і незразумелай была яму застольная размова, дзіўнымі ўяўляліся чырвоныя ад віна ці гарэлкі твары гаспадароў і бацькоў, стамлялі іх парывістыя жэсты і занадта гучная гутарка.

...Восень упрыгожвала кусты і дрэвы, зрывала з іх адзенні, неслася па лужынам дзікім карагодам лісця, хмарылася, намакала і высахала зноў, іскрылася лядком у раніцы, чарнела ў доўгія вечары... Надыходзіла зіма. Яна з‘яўлялася раптоўна, як адкрыццё, як бліскучая казка самотным і сумуючым людзям. Магла абвяшчаць аб сабе на досвітку, магла налятаць сярод шэрага дня мокрымі, млявымі і ліпкаватымі, а затым дробнымі і цвёрдымі, як ружэйны шрот, сняжынкамі. Ахутвала ўсё і ўся ласкава, але адначасова настойліва і рашуча соннай сваёй коўдрай. Яна была нетрывалая і нясталая, магла падтаваць і зацягвацца да студзеня месяца неаднойчы, расчароўвала, амаль даводзіла да адчаю і абнадзейвала, нарэшце, дзятву. У студзені зіма гаспадарыла непадзельна. Ад маразоў трашчала і лопалася кара на яблынях, а нябачны мастак выводзіў на мутным шкле загадкавыя малюнкі ды абрысы. У пакоі даносіўся вясёлы звон канькоў, што рассякалі бліскучае люстра катка, трэск клюшак і іншыя гукі хакейных бітваў. За ноч снег укрываў сляды птушыных і кашачых лапак, сцежкі і палянкі, якія пракладвалі і вытоптвалі жыхары дома. У рэдкія адлігі лютага будаваліся снежныя бабы, крэпасці, разбурваліся і ўзводзіліся ізноў. Наляталі асабліва злыя завеі, падоўгу вылі пад вокнамі, абрушваліся на шкло і падаконнік дробным сваім бісерам. Яны быццам ведалі, што нельга цяпер даваць волю ўжо высокаму сонцу. Надыход вясны быў марудным, праходзіў у жорсткай барацьбе за кожны лапік шэра-рудой непрыгожай зямлі і таму — асабліва радасным.

Толік штогод назіраў гэта непасціжнае дзейства, назіраў нібы здалля, — не прымаў ў ім ні найменшага ўдзелу, назіраў у прамежках паміж чытаннем, лепкай пластылінавых фігурак, маляваннем. Таемнасць змены адной пары года на іншую, з‘яў надвор`я, святла і цемры былі для яго самай лепшай кнігай, што неадольна захапляла і палохала адначасова. Ён лістаў яе горача і з глыбокай пашанай з трох акон кватэры, акон аўтобусаў і трамваяў, рэдкіх хвілін знаходжання на свежым паветры, калі яго кудысьці цягнулі і прыспешлівалі бацькі. Кароткай дарогай ў школу і назад, амаль не ўзнімаючы вачэй, за шапкамі і каўнярамі, адчуваў Толік дакрананне да сябе некай невядомай істоты.

...Да сярэдзіны красавіка сыходзіў усё ж на нішто апошні брудна-шэры снег. З надыходам цяпла хлопчык спяшаўся са школы дамоў усё менш, заглядваючыся на рэдкія плямы зялёнай траўкі, атожылкі маладых вербаў, якія першымі выкідвалі на ўсеагульны агляд прадаўгаватыя лісточкі. Падсыхаў асфальт. Ці то ад яго шэрай паверхні, якую лашчылі веснавыя промні, ці то ад зямлі, што акрыяла на вачах, ішоў дзіўны пах. Толік цягнуў яго спярша нясмела, потым — прагна, абедзвюма ноздрамі і ротам. Унутры штосьці бурліла і бушавала, а ў нагах адчувалася нечаканая моц. Хацелася прыскокваць разам з дзяўчынкамі па рашотках, якія тыя чарцілі на тратуары, ганяць з хлапчукамі мяч, увогуле радавацца ўсяму. Але сяброў у яго не было, а знаёміцца з кімсьці не адважваўся.

...Надыходзіла лета. Канчаліся заняткі. Бацькі хадзілі на работу, а Толік быў даручаны дзеду, траха што — самому сабе. Прастуды больш не чапляліся. Ён удосталь гуляў па дварах старога квартала, што танулі ў зеляніне высокіх ліп ды клёнаў, сярод бялізнавых вяровак і пустых лавачак, пясочніц і гушкалкаў. Іх дом знаходзіўся ў сярэдзіне такіх жа трохпавярховых дамоў-пабрацімаў, з драўлянымі рыпучымі лесвіцамі і мудрагелістымі парэнчамі. Дарога направа ад пад‘езда вяла ў школу, якую акружалі пяці- і дзевяціпавярховыя дамы, дзе жыла большасць аднакласнікаў. Злева ад квартала “трохпавярховак” ішла нямошчаная вулачка, за ёй — прыватны сектар. Ззаду ад квартала — вуліца з жвавым рухам, трамваямі і магазінамі. Наперадзе — горад як бы скончваўся, пераходзіў у пустку і бярозавы гай, затым працягваўся зноў... Хлопчык не сумаваў нават у адзіноце, здзіўляючыся кветкам і дрэвам, блакітнаму возеру над галавой, цёмным і светлым плямам, што павольна плылі па траве. Ён зацікаўлена сачыў за манеўрамі машын на дарогах, пералічваў трамваі і тралейбусы, прыпадаў губамі да струменя ржавай халоднай вады, што порстка бег з калонкі. Равеснікі, якія выпадкова затрымліваліся ў горадзе, ад нуды ахвотна знаёміліся з ім і гулялі. Толік тады забываў пра ўсё і радасна гойсаў з хлопцамі па наваколлю. Яны перабіраліся ўпотай цераз вуліцы, бадзяліся па суседніх дварах, аціраліся ля вітрын магазінаў, пілі б‘ючую ў нос газіроўку, адстойвалі ў чэргах за квасам і тады набівалі пуза да адвалу гэтым цудоўным напіткам. Зрэдку дзеду ўдавалася загнаць унука ў кватэру...

У жніўні бацькі звычайна ехалі на мора, бралі з сабой сына. За месяц ён дужэў, чарнеў, на шчоках чырванеў задзірлівы румянец. Мора лашчыла і песціла, наскрозь насычала соллю і здароў‘ем. Здароў‘я хапала прыкладна на месяц, да кастрычніцкіх прымаразкаў. А затым ўсё паўтаралася па звычайным крузе.

3

— Хопіць спаць! Вунь зоркі калядныя запаліліся, — дзед, крактануў і апусціўся на канапу.

Ён ізноў адарваў Толіка ад невясёлых роздумаў.

— Што за зоркі, дзеда?

— А ты ляжы больш, — хітра прыжмурыўся стары.

Апошнія словы яго патанулі ў паўпразрыстай смуге мрой і летуценняў.

“Зоркі... Што ж яны... нараджаюцца, ці што?” — хлопчык цьмяна аналізаваў. “Зоркі, зоркі над домам, зоркі ў снезе, сам снег...”

Так, менавіта снег і зоркі, а яшчэ вясёлыя дзіцячыя галасы не давалі спакою яму з пачатку зімы. Яна была ў гэтым годзе як ніколі шумная і яскравая. Яна кідала ў вокны велізарныя снежныя камякі, гула завеямі, нагадвала пра сябе кожную раніцу шорганнем шуфляў дворніка, дражніла саннымі і лыжнымі сцежкамі. Яна адцягвала ад чытання і любімых заняткаў, нібы прыгажуня, што прыціснулася да аконнай шыбы, прыкоўвала да сябе і ўвагу, і думкі.

Вось і сёння Толік зажурыўся. Ён ведаў, что заўтра будзе здаровы. І зусім не хацелася яму сядзець у душным і шэрым пакоі, а хацелася ехаць з рабятамі на Ёлку ў Палац спорту. Яна ўяўлялася яму самавітай прыбранай паненкай. Такой жа прывабнай і пахучай, як іх леташняя маленькая ёлка. Толькі цацак там будзе невымерна больш, а падлога пад зялёным купалам ніжніх ветак спрэс застаўлена падарункамі. І яшчэ будуць песні і танцы, а зверху пасыпле снег, зусім не халодны, як на двары, але такі ж бліскучы і загадкавы. Альбо будзе то не снег, а зоркі, што напрасткі падаюць з неба, — калядныя зоркі... Хлопчык ужо праецыраваў новае незразумелае слова на ўяўны экран. Цяпер ён ведаў, што рабіць.

...Імглістым досвіткам Толік у думках праводзіў бацькоў на работу, счакаўся, пакуль дзед выйдзе на ранішні шпацыр і ўстаў з пасцелі. Ён не будзе хлусіць або прыніжана прасіць. Ён будзе дзейнічаць. Прыбраў ложак, апрануўся, выпіў кавы з булкай. Пакінуў запіску, дзе ўсё — праўда: “Дзядуля, я паехаў з класам на Ёлку. Да абеду буду. Унук”.

...Ад свежага ядранага паветра або ад тыднёвага ляжання ў пасцелі кружылася галава. Ногі падрыгвалі. Ныла ў жываце. “Можа вярнуцца?” — спакушала звыклая думка. “Хлусіш! Ды ў мяне і ключа няма”, — настройваў сябе Толік. Мінуў панадворак, перасек вуліцу, па звычцы гледзячы ў зямлю. “Зоркі!” — прамільгнула ў галаве. Ён узняў вочы: шэрае, няветлівае неба, такія ж шэрыя дамы, жоўтыя вачніцы акон. Зорак не было бачна. “Нічога, ноччу ўзыдуць. Яны ж нараджаюцца ўночы”, — хлопчык паскорыў хаду. Цела ў руху дужэла. Рэдкія цені прахожых шмыгалі злева і справа. Віднела з кожнай хвілінай. Ізноў — тое ж таемства абуджэння. Вось снег на пустцы з шэрага пераходзіць у белыя, а затым ў бела-ружовыя таны. Гэта сонца прабівае ненадзейную ранішнюю імжу. Цені ад агароджы размываюцца і знікаюць... Жоўты дом, гарбаты завулак, града “дзевяціпавярховак”. За імі — школьны двор.

Перад будынкам нікога не было відаць. “Мусіць, рана яшчэ?”, — меркаваў Толік. Але як жа гэта ён дома не зірнуў на гадзіннік! Ішоў па звычцы, — як у школу ходзіць. А яшчэ ж толькі-толькі развідняецца. Гадзін восем, палова дзевятай, мусіць. Хлопчык узышоў на ганак. Унутры — ані гука. Не мерзнуць жа тут цэлую гадзіну! Расчыніў дзверы — цяжкія, рыпучыя. “А што, калі тэхнічка пагоніць?” — падалася думка. “Ну, не! Цяпер толькі наперад”, — бадзёрыла рашучае.

— Ты куды, навошта? — ад суровага голасу ёкнула сэрца.

— Я на Ёлку, цётка Даша. На знадворку холадна, — шчыра адказаў Толік.

— А чаго ж рана так?

— Спазніцца баяўся.

Тэхнічка ўнурылася ў вязанне. Ад пустаты доўгія школьныя калідоры здаваліся яшчэ вялізней. Гук кожнага кроку па іх, нават ціканне стрэлак насценных гадзіннікаў узмацняліся шматразова. Міжвольна ўзнікала адчуванне, што нехта нябачны віжуе твае дзеянні. Цьмяныя лямпы дзяжурнага асвятлення не маглі развеяць змрок і таемнасць пустога будынка. Хлопчыку стала вусцішна. Як дзіўна адрозніваецца цяпер школа ад звыклага, поўнага дзіцячага галасу, мурашніка! І ўсё ж, ці то ад упартай рашучасці, ці то ад адчайнай бязвыхаднасці сітуацыі (не ісці ж на мароз і не тырчаць каля ўваходу!) Толік вырашыў пабадзяцца па школьных лабірынтах. За чарговы заварот ці выгін заходзіў прыжмурыўшыся, як звычайна рабіў, калі дыбаў дома ў цёмны пакой і ліхаманкава шукаў пераключальнік святла... Падняўся на трэці паверх. Вось і 3 “Б”. Пацягнуў за дужку. Дзверы на паддаваліся. “Вядома, яны ж на ноч замыкаюцца!”. І ўсё ж няблага б было перасядзець чаканне ў цёплым месцы. На ўдачу пацягнуў ручку дзвярэй суседняга класа. Хораша — адчыняецца! Пустэча вялікага памяшкання паглынала і адштурхоўвала адначасова. “А зойдзе хто?” — свідравала неадчэпнае. “Ну і няхай!” — лаяў ён сябе за слабасць.

Толік падышоў да акна. Чырвоны шар у жоўтай смузе адрываўся ад зямлі. Па прыкметна збялелым школьным двары, адна за адной, рухаліся фігуры. Гэта дзятва спяшаецца на Ёлку. З-за завароту выруліў чырвоны “Ікарус”, — адзін, другі, трэці... Трэба было спускацца ўніз. У вестыбюлі разносіліся пералівы галасоў, смех. Толік нясмела выглянуў з-за вугла. Ага, гэта рабяты! Стракатыя, прыгожыя. Сярод іх мільгаюць аднакласнікі. Хлопчык міжвольна апусціў вочы на сваю вопратку. Здаецца, нічога. Такі ж, як усе... Ну што, наперад — так наперад!

—...Прывітанне!

4

Усё было добра. Усё было як нельга лепей! І доўгі шлях чарады аўтобусаў па горадзе, які ўвачавідкі святлеў, і само тэатралізаванае відовішча, дзе балем кіравалі Снягурка з Дзедам Марозам, і чароўныя падарункавыя наборы... Але, галоўнае, — ён быў прыняты, не згубіўся на гэтым свяце жыцця. Ён смяяўся! Так, смяяўся — быў раскаваны і вясёлы, як некалі ў вёсцы ў бабулі...

Дзед надзвычай здзівіўся як нязвыкламу румянцу на шчоках унука, так і яго апетыту. У старога язык не паварочваўся зрабіць уцекачу прачуханца за самавольства. Ён бачыў шчасце і быў рады гэтаму. На кухні Толік з набітым ротам і бліскучымі вачыма с захапленнем дзяліўся з дзедам убачаным.

Яшчэ да прыходу бацькоў яны накіраваліся на ёлачны кірмаш, і надвячоркам пах маладой ігліцы напоўніў пакоі. Хлопчык з дзедам, як і летась, с захапленнем убіралі лясную прыгажуню, спрачаліся паміж сабой з-за кожнай цацкі або гірлянды. Дзіўны бляск вачэй і гуллівая ўзрушанасць сына не ўкрыліся ад бацькоў... “Свята!” — падумала маці. “Ачуньвае!” — вырашыў бацька.

Толік сапраўды ачуньваў. Не ад прастуды, дакладней, не толькі ад яе. Хутчэй, — ад зімовай спячкі і шматгадовага страху. Але яшчэ не здагадваўся аб гэтым. А дванаццатай гадзіне яго змарыў неспадзявана моцны сон, а карціны з‘явіліся толькі працягам перажытага за дзень свята.

Раніцой, упершыню за некалькі месяцаў, хлапчук зразумеў, што хоча ўстаць з пасцелі. Дзеля чаго? Ён яшчэ не ведаў. Але адчуваў, што гэта трэба рабіць, і рабіць як мага хутчэй. “Зоркі!”, — стукнула ў скронях. Але за акном усё тая ж шэрая смуга! А ён учора не распытаў дзеда аб калядных зорках і нават не зірнуў на неба! Цяпер трэба чакаць вечара. Аскомісты пах ігліцы п`яніў і падштурхоўваў да дзеяння. А колькі яшчэ трэба было зрабіць і перажыць за адыходзячыя хвіліны старога года!..

Дзень прамільгнуў феерычна яскрава, у бесперапынных перадсвяточных клопатах і мітусні паміж ёлкай, магазінамі і кухняй. Толік хапаўся за любыя даручэнні, быў радасна ўзрушаны і ахоплены навагоднім тамленнем. А як толькі сцямнела, угаварыў дзеда пайсці на прагулку.

На цёмным, як бездань, небасхіле, між марудлівых калматых аблокаў, праглядваліся зоркі. Няяркія яшчэ, яны хітравата пазіралі на свет, што расчыняўся насустрач самаму светламу святу на зямлі. Гэта былі калядныя зоркі!

І зноў, цяпер з першым боем курантаў, цяжкі, уладарны і лагодны сон ахутаў хлопчыка. Ён ледзь паспеў выйсці з-за святочнага стала і прысесці на ложак. У сне, як у чароўнай мультыплікацыі, луналі вялізныя сняжынкі, скакалі ў сумётах маленькія елачкі, вадзілі карагоды лясныя звяркі, усміхаліся Дзед Мароз са Снягурачкай, а над імі, над лясамі, разлогамі і рэкамі, над горадам ззялі добрыя зоркі.

Міхась Южык

Об авторе

Міхась Южык

Міхась Южык нарадзіўся ў Мінску ў 1969 г. Закончыў Мінскі радыётэхнічны інстытут. Працаваў на ВА «Гарызонт» .

З 1997 года – супрацоўнік літаратурна-публіцыстычнага часопіса «Акно» .

З З 2001 года – сябар Саюза пісьменнікаў Беларусі. Выдаў тры кнігі прозы«Мёртвае дрэва», «Перакулены час», «Марыянеткі і лялькаводы», зборнік паэзіі «АнтыРЫФМАР», а таксама аўтар раманаў «Лесвіца» і «Леапард на балконе», што друкаваліся ў часопісе «Полымя», аўтар шматлікіх аповесцяў, якія друкаваліся ў перыядычных выданнях Саюза пісьменнікаў Беларусі.


Издание прихода

«Вербочка» №1(98)/2014 Январь

Материалы номера

Церковный календарь

 



Система Orphus
аборт, мини аборт, контрацепция,
События
Смотреть на Твиттере